У сетцы аўтазаправачных станцый «А-100» пачалі абслугоўваць на беларускай мове. Аператарам рэкамендавана звяртацца да роднай мовы ў абслугоўванні ўсіх кліентаў, паведамілі прадстаўнікі сеткі. Па словах яе гендырэктара Ірыны Валадзько, мэта — пашырэнне моўнага асяроддзя, бо «А-100» — прыватная сетка аўтазаправачных станцый з беларускім капiталам.
Супрацоўнікі кампаніі на працягу 4 месяцаў аднаўлялі мову на курсах. Цяпер вядзецца праца па стварэнні моўнага асяроддзя на паліўных станцыях. «Пераход на беларускую мову будзе ажыццяўляцца паступова, — паведамiлi ў „А-100“. — Па-першае, вэб-рэсурсы будуць беларускамоўнымі. Па-другое, аператарам рэкамендавана абслугоўваць кліентаў на беларускай мове. Па-трэцяе, будуць заменены ўсе рэкламныя матэрыялы ў гандлёвых залах, з'явяцца цэтлікі на таварах на беларускай мове».
Праграма пераходу на родную мову будзе павольнай, абяцаюць у сетцы АЗС. Пакуль што (на працягу 2015 года) на паліўных станцыях магчыма будзе пачуць абедзве дзяржаўныя мовы: беларускую і рускую.