«Будзь пракляты той дзень». Купіў Alfa Romeo GTV і пашкадаваў на ўсё жыццё

458
14 января 2022 в 16:21
Источник: Дзянiс Лагуновiч

«Будзь пракляты той дзень». Купіў Alfa Romeo GTV і пашкадаваў на ўсё жыццё

Источник: Дзянiс Лагуновiч

Сітуацыі, калі хтосьці набыў аўтамабіль і пасля моцна пашкадаваў аб гэтым, — зусім не рэдкасць. Магчыма, адных расчаравала надзейнасць машыны. Другія на справе пераканаліся ў нізкай практычнасці сваёй пакупкі. Камусьці непрымальнымі здаліся іншыя характарыстыкі. У мяне ёсць уласная гісторыя — аповед пра мой нешчаслівы «раман» з Alfa Romeo GTV 1997 года выпуску. Бадай што, гэта горшая пакупка, якую я рабіў за сваё 35-гадовае жыццё.

Пачыналася ўсё прыгожа

Усё пачалося 24 жніўня 2012 года. Прадаўшы сваю першую машыну Ford Escort 1996 года (самы беспраблемны аўтамабіль з усіх, што ў мяне былі), я стаў уладальнікам найпрыгажэйшага італьянскага купэ Alfa Romeo GTV. Купіў яго ў мінчаніна за 5200 долараў. Радасці не было межаў. Пасля безаблічнага хэтчбэка з 1,6-літровым маторам 2-літровая GTV са скураным салонам, элегантным двухдзверным кузавам і «вочкамі» мне падавалася сапраўдным спарткарам. Амаль Ferrari. Памятаю, як прыпаркаваў яе каля дома і кожныя 15 хвілін выглядваў у акно палюбавацца.

На той момант я ўжо пяць гадоў працаваў аўтамабільным журналістам і лічыў, што проста абавязаны ездзіць на якой-небудзь цікавай машыне, якая відавочна вылучаецца з шэрагу. У 2012-м за 5000 долараў я мог набыць BMW E39 ці нават рэстайлінгавую Е46. Сёння разумею, што варта было зрабіць менавіта так. Магчыма, «баварац» таксама ламаўся б, але яго хаця б можна было паправіць. Зрэшты, першыя тыдні Alfa Romeo служыла верай і праўдай. Без праблем я наездзіў тысячы з паўтары кіламетраў.

Першая паломка

Папярэдні ўладальнік гэтай Alfa Romeo падчас продажу папярэдзіў мяне, што ў машыны не дзейнічае сістэма аварыйнага ахаладжэння. Датчык быў пашкоджаны, таму вентылятар запускаўся звычайным выключальнікам, «закалхожаным» пад капотам. Гэта і сапраўды быў звычайны выключальнік — такі, якім вы тушыце дома святло. «На лета ўключай яго, на зіму выключай», — такімі былі апошнія словы, што я пачуў ад папярэдняга гаспадара. Так, усё лета вентылятар працаваў адразу пасля запуску рухавіка, а зімой увогуле адпачываў. Я ўсё збіраўся выправіць гэта пры бліжэйшай замене алівы, але не паспеў.

У канцы верасня пахаладала, і праз пастаянна ўключаны вентылятар рухавік ужо не праграваўся. Забягаючы наперад, адзначу, што ніколі не бачыў матор маёй GTV прагрэтым да стабільных 90 градусаў. Дык вось у верасні я падумаў, што хутка зіма, і выключыў вентылятар. І ў адзін цудоўны дзень у корку на Ракасоўскага заўважыў, як з-пад капота паваліў пар. Рухавік перагрэўся. Ужо вечарам я адагнаў машыну да знаёмага «гаражніка».

Рамонт за 2000 долараў

Апрача сістэмы ахаладжэння, майстар парэкамендаваў перабраць падвеску. У GTV складаная шматрычажная схема ззаду, і шматлікія элементы хадавой, па словах спецыяліста (пакінем гэта на яго сумленні), патрабавалі замены. Я жадаў лятаць на спраўнай Alfa Romeo, таму пагадзіўся на рамонт, неасцярожна кінуўшы фразу «Рабіце ўсё неабходнае». У выніку я забраў машыну праз два (!) месяцы, заплаціўшы за запчасткі і працу больш за дзве тысячы долараў. І добра б я паехаў адтуль на аўто, прыдатным для карыстання. Але пасля рамонту рухавік перастаў трымаць абароты. Назаўжды.

Абароты

Падчас руху праблемы з абаротамі не праяўляліся, аднак, ледзь толькі я спыняўся на святлафоры, машына глухла, нібы спрацоўвала сістэма Start/Stop. Я мусіў увесь час падгазоўваць правай нагой, а тормаз трымаў левай. Цяжкасцей дадаваў той факт, што ўжо выпаў снег, а я забраў сваю Alfa Romeo на летняй гуме (бо на рамонт завозіў яе ў разгар восені). Ужо тады я зразумеў, што не абяруся праблем з гэтым аўтамабілем, але наважыўся даць яму другі шанец. У рэшце рэшт я ж толькі што ўклаў у рамонт палову кошту гэтага прыгожага італьянскага «вядра»!

Праблема з абаротамі рухавіка патрабавала вырашэння, але мой «гаражнік» разводзіў рукамі і казаў, што для Alfa Romeo гэта натуральна. Пошукі спецыяліста па маторах TwinSpark у Мінску не мелі поспеху. Я настолькі прызвычаіўся на святлафорах націскаць на тормаз левай нагой і ўтрымліваць абароты матора правай, што рабіў гэта нават на тэставых машынах, якія часта браў на агляды.

Дарэчы, пасля перагрэву рухавіка мне спатрэбіўся новы радыятар. Знайсці яго для GTV выйшла яшчэ як няпроста. Імпарцёр Fiat прапаноўваў набыць за 700 еўра па курсе! Ад 156-й ці 147-й Alfa Romeo гэтая дэталь не падыходзіла. У выніку майстар сяк-так увапхнуў у аўтамабіль радыятар ад дызельнай Lancia, прыварыўшы неабходныя элементы. Сістэму ахаладжэння «пафіксілі» — вентылятар стаў уключацца не толькі летам.

Ручаі ручайковых рамянёў

Я нават не буду спрабаваць успомніць, колькі разоў у мяне рваўся ручайковы рэмень генератара. Едзеш сабе спакойна — і лясь, пад капотам пачынае нешта калаціць: гэта шмаццё рэменя б’ецца аб подкапотную прастору. Эвакуатар. Гараж. Новы рэмень. Праміне месяц — зноў ірвецца. Толькі на раз пяты ці шосты майстар высветліў, у чым справа. Адзін з ролікаў быў некамплектны і рэзаў крайнюю частку рэменя (так званы ручай). Пасля замены роліка праблема знікла. Балазе падраныя рамяні не наматала на рэмень ГРМ, размешчаны побач.

Нечаканы «круіз-кантроль»

Аднойчы я ехаў ад маці з Ашмянаў у Мінск і на трасе адчуў, што аўтамабіль сам набірае хуткасць. Я адпусціў газ, а стрэлка спідометра працягвала імкнуць угару. 120, 140, 150 кіламетраў за гадзіну!.. Я выціснуў счапленне, і тады абароты рухавіка ўварваліся ў чырвоную зону — заклінаваў тросік газу. Сяк-так скінуўшы хуткасць перадачамі, з’ехаў на абочыну і падняў капот. Знайшоў той самы тросік і паспрабаваў «распрацаваць» яго ўказальным пальцам. Знаходзіцца тросік глыбока, і я нават нацёр мазоль.

Лямпачка ў бардачку

Яшчэ адна прыгода адбылася на паркоўцы аэрапорта. Вярнуўшыся з камандзіроўкі, я не змог завесці машыну, якая чакала мяне на платнай стаянцы. Быццам бы сеў акумулятар. Стаяла зіма, і я падумаў, што Alfa Romeo занадта доўга знаходзілася на марозе. Выштурхоўваючы заснежаны аўтамабіль з паркоўкі, я расцягнуў звязку на левай назе — прыйшлося купляць эластычны бінт (пра яго мы яшчэ згадаем у гэтай гісторыі). З аэрапорта я даехаў дадому дзякуючы таксісту, які пагадзіўся «прыкурыць» маю стылёвую машыну.

На наступны дзень акумулятар зноў «здох». Я купіў новую батарэю. Але і яна праз некалькі дзён ужо не працавала. Нарэшце я ўцяміў, што ў маім бардачку перастала гаснуць лямпачка падсветкі. Дыягнаставаў я гэта, паклаўшы туды, у скрыню, тэлефон з запісам відэа.

Замярзанне дзвярэй

У Alfa Romeo GTV цікавыя дзвярныя ручкі: каб патрапіць у машыну, трэба ўтапіць кнопку і пацягнуць за дзверы. У цёплай Італіі гэта рашэнне, магчыма, і лічаць удалым, але зімой у Беларусі ў такія ручкі пастаянна заліваецца вада і замярзае там. З надыходам маразоў дзверы ператвараліся ў глыбы лёду. Некалькі разоў я сутыкаўся з тым, што ў выніку замярзання замкоў дзверы не зачыняліся. Ды не зачыняліся не проста, але нават тады, калі ты грукаў імі!

Спрабуеш зачыніць, а яны самі адчыняюцца. Вось тут мне дапамагаў той самы эластычны бінт: падчас руху я проста звязваў адны і другія дзверы паміж сабой, і яны больш-менш трымаліся. Праўда, на паваротах бязлітасная цэнтрабежная сіла ўсё роўна прыадчыняла дзверы. Добра хоць эластычны бінт вяртаў іх назад.

Іншыя праблемы

Яшчэ ў гэтай машыне заўжды глючыў цэнтральны замок: здаралася, я не мог патрапіць у аўтамабіль гадзінамі. Але гэта, так бы мовіць, дробязь. Як і тое, што не працавалі стоп-сігналы (я правіў іх разоў дзесяць). У маёй Alfa Romeo так часта адчынялі капот, што сапсавалася адна з газавых апор. Калі хто не ведае, капот у GTV — гэта ўся пярэдняя падымальная частка. Акрамя таго, некалькі сур’ёзных рамонтаў патрабавала выхлапная сістэма.

У рухавіку ніколі не працаваў варыятар фаз газаразмеркавання, які павінен быў «абудзіць» спартыўны характар у 2-літровым 150-моцным «атмасферніку». Былі праблемы з фарсункамі абмывальніка лабавога шкла (яны ў GTV знаходзяцца прама на дворніках). Двойчы ў машыны ламалася счапленне. Затое зараз я ўмею праязджаць увесь Мінск наскрозь без левай педалі, змяняючы перадачы толькі з дапамогай перагазоўкі. Відаць, адзінае ў аўтамабілі, што не стварала мне праблем, — гэта кузаў. Ён быў у ідэальным стане.

Высновы

Фанаты Alfa Romeo — самыя руплівыя аўтааматары. Ледзь толькі паспрабуй сказаць, што «Альфы» часта псуюцца. У адказ паляцяць коп’і і фразы: «А ты ездзіў ці проста пустамеля?» На гэта я звычайна адказваю: «Так, ездзіў. І магу запэўніць: старая Alfa — гэта ламучае карыта». Як правіла, далей ідзе контраргумент у духу «табе проста трапіўся такі асобнік». І тут мне крыць няма чым. Магчыма, гэта была сапраўды няўдалая мадэль ці проста праблемны экземпляр GTV.

Крыўдна, што, укладаючы вялізныя грошы ў рамонт, ты не атрымліваеш нічога ўзамен. Гэта пярэднепрывадны папярочнік з цяжкай «мордай», марудным разгонам і паганай агляднасцю. Наконт практычнасці маўчу — усё ж гэта купэ, і я ведаў, што купляю. Але маленечкі багажнік абярнуўся для мяне сапраўднай неспадзеўкай. У GTV паміж багажнікам і другім радам размешчаны вялікі 70-літровы бензабак. Я, дарэчы, ніколі не запраўляў яго напоўніцу, бо ведаў, што не выезджу 70 літраў без рамонту. Машына стаяла ў гаражах, чакаючы чарговага майстра-ламайстра, даўжэй, чым вазіла мяне па дарогах. Нават калі я пераглядаў фатаграфіі Alfa Romeo у Instagram, падалося, што з карткі спісалася пару сотняў рублёў.

Крыху статыстыкі

Я ўжо шмат гадоў вяду падрабязную бухгалтэрыю сваіх выдаткаў, сачу і за іншымі лічбамі. Вось некалькі сумных паказчыкаў з нататніка:

  • купля машыны: 5200 долараў па курсе;
  • выдаткі (без бензіну, але з шынамі, заменай масла, рамонтамі і аднаўленнем салона): 10 200 долараў (так, дзесяць тысяч дзвесце!);
  • прабег за час валодання (тры гады): 11 000 кіламетраў;
  • продаж машыны: 2300 долараў.

Ці атрымаў я нейкі станоўчы вопыт з Alfa Romeo GTV? Так. Стаў менш слухаць форумных экспертаў, якія кажуць, што «калі даглядаць яе, то любая машына праездзіць колькі заўгодна». Але калі падчас чарговага рамонту я ўзяў на тыднёвы тэст-драйв Renault Logan другога пакалення (тады ён толькі выйшаў на рынак), быў у захапленні. На самай справе на аўтамабілі можна паехаць у Маладзечна і вярнуцца без прыгод. Мая Alfa Romeo так не ўмела. Самым працяглым перыядам без рамонтаў у італьянскага «стылягі» былі тыя самыя першыя тыдні пасля пакупкі.

«Onlíner па-беларуску» у Telegram. Падпiсвайцеся, каб не прапусцiць нашы новыя тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш телэграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by