Гісторыя забыцця. Што стала з гастрольным бусам «Песняроў»

388
08 июня 2022 в 10:54
Источник: Андрэй Гамыляеў. Фото: Аляксандр Ружачка

Гісторыя забыцця. Што стала з гастрольным бусам «Песняроў»

Источник: Андрэй Гамыляеў. Фото: Аляксандр Ружачка

Хто не ведае песень «Касiў Ясь канюшыну» ці «Белавежская пушча»? Ва Уладзіміра Мулявіна, лідара легендарных «Песняроў», было мноства ўзнагарод, яго калектыў удзельнічаў у міжнародных конкурсах, ездзіў у нябачаныя для СССР замежныя туры. Але слава класічнага складу гурта абарвалася ў 2002 годзе, калі Мулявін на сваім аўтамабілі патрапіў у аварыю. Уладзімір Георгіевіч атрымаў пералом пазваночніка, яго перавезлі на лячэнне ў Маскву, аднак уратаваць не змаглі. Праз 8 месяцаў ён памёр. У дзень аварыі Мулявін ехаў на асабістым Mercedes 420. Пасля ДТЗ ад машыны мала што засталося. Але ў «Песняра» быў яшчэ адзін аўтамабіль — мінівэн Chevrolet, на якім вазілі апаратуру і ездзілі ў туры. Мы вырашылі высветліць, што стала з гэтай машынай.

У дзень наканаванага здарэння Мулявін ехаў на Mercedes па трасе Заслаўе — Калодзішчы. Дарога агінае паўночную частку Мінскага мора і праходзіць праз Лапаравічы.

Менавіта там, на пагорку каля вадасховішча, знаходзілася лецішча музыканта. Ён часта збягаў сюды з маленькай мінскай кватэры на вул. Бяды ў пошуках натхнення.

Якраз на гэтых сотках у Лапаравічах, за драўляным плотам, у свой час і стаялі машыны Уладзіміра Георгіевіча — Mercedes, «Волга» і той самы гастрольны Chevrolet Chevy Van. Калі б аўтамабіль аднавілі, ён выглядаў бы прыкладна так:

Адкуль Chevy у СССР?

Калі менавіта машыну перадалі «Песнярам», ужо наўрад ці хтосьці ўспомніць. Але трэба разумець, наколькі рарытэтнай была гэтая іншамарка нават для позняга Савецкага Саюза.

У 1971-м калектыў выступаў у польскім Сопаце, у 1973-м узяў першую прэмію на фестывалі моладзі ў Берліне. Да 1975 года ансамбль выпусціў каля 45 мільёнаў пласцінак, перамог на ўсесаюзным конкурсе песні. Тады «Песняроў» упершыню запрасілі ў Каны — Меку еўрапейскага шоу-бізнесу. Яны былі першым савецкім ВІА, які выехаў з гастролямі за мяжу. З таго часу артысты рэгулярна каталіся па свеце.

Як распавядаюць, тады паўстала пытанне: на чым адпраўляць у туры «Песняроў» з іх апаратурай? На «буханцы», рафіку, грузавіках? У краіне мікрааўтобусаў асабліва не было, першы РАФ-2203 сышоў з канвеера толькі ў 1976-м, і выгляд у яго быў, мякка кажучы, не «зорны» — ён зусім не пасаваў да іміджу знакамітага ВІА. Тады прынялі рашэнне выдаць групе амерыканскі Chevrolet. У якасці гастрольнага буса «Песняры» атрымалі Chevy Van трэцяга пакалення, які выпускаўся з 1971 па 1996 год. Лінейка рухавікоў у гэтых мадэляў была шырокай: ад 4,1 да 7,4 літра. «Яна жэрла літраў 40 на 100 кіламетраў», — успамінаў у адным з інтэрв’ю ўдзельнік гурта Уладзіслаў Місевіч. Тым не менш у туры адпраўляліся менавіта на гэтай машыне.

У 1990-я калектыў па-ранейшаму раз’язджаў па гастролях, хоць на канцэрты хадзіла ўжо значна менш гледачоў. Прыхільнікі «Песняроў» аказваліся перад складаным выбарам — купіць білет ці штосьці на вячэру. Мінівэн у выніку ездзіў усё радзей. А ў 2002-м, пасля аварыі, у якую трапіў мастацкі кіраўнік ВІА, фактычна застаўся забыты на двары лецішча ў Лапаравічах.

Тым часам сталі з’яўляцца іншыя гурты, якія выконвалі песні ВІА і мелі ў назве слова «Песняры». Мінкульт нават выступіў з заявай для высвятлення сітуацыі: «Лічым, што ўсе гурты, якія выкарыстоўваюць назву „Песняры“ на тэрыторыі СНД, нелегітымныя, акрамя ансамбля „Беларускія песняры“ і БДА „Песняры“, яны з’яўляюцца законнымі правапераемнікамі легендарнага калектыву, створанага Уладзімірам Мулявіным».

Быў шанец

У 2005-м, ужо пасля смерці «Песняра», з’явіліся публікацыі пра тое, што ўдава музыканта, актрыса Святлана Мулявіна-Пенкіна, мае намер прадаць лецішча з усёй маёмасцю. Да таго моманту і дом, і ўчастак, і машыны, якія стаялі на ім, прыйшлі ў заняпад. Адзін з такіх артыкулаў убачыў рэстаўратар аўтамабіляў Мікалай Дзямідаў. На цэнтральным здымку ён разгледзеў рэдкі Chevrolet Chevy Van. «Мне прыйшла ў галаву думка, што такая машына з гісторыяй не можа знікнуць, — згадвае мужчына. — Мы не мелі права даць ёй проста згніць пад дажджамі і снягамі».

Мікалай змог звязацца са Святланай, сустрэцца з ёю ў Мінску. Прапанаваў аднавіць аўтамабіль. Прычым без пераафармлення, абы захаваць. Проста каб машына заставалася ў форме, магла выязджаць на фестывалі памяці Мулявіна, каб стала, магчыма, экспанатам музея. Разам з сябрам рэстаўратар прыехаў у Лапаравічы.

Мікалай Дзямідаў

І Chevrolet, і «Волгу» яны засталі ў жахлівым стане:

— Мікрааўтобус падпіраў вароты. Было відаць, што яго загналі ў двор, зачынілі на засаўку — так ён і стаяў. Не адагнаўшы машыну, нельга было патрапіць на тэрыторыю, а Chevy самастойна ўжо не мог зрушыць з месца. Выглядала на тое, што над ім ужо «папрацавалі» вандалы: унутры ўсё было разварочана. Доступ да рухавіка ў гэтай мадэлі — з салона. Дык вось крышка была знята і адкінута ў бок, пад панэллю тырчаў бязладны клубок правадоў і шлангаў. Стырно адарвалі. Звонку машына выглядала не лепш: выбітыя або адкручаныя фары, іржа... Месцамі нават парасла мохам.

Пра былую славу машыны і ВІА, які катаўся на ёй, сведчыў толькі заляжалы ў салоне буклет. Яго надрукавалі да 25-годдзя «Песняроў», то-бок у 1994 годзе.

З «Волгай» усё было яшчэ горшым:

— Яна стаяла за плотам — на вуліцы. Мяркуючы па ўсім, яе аблюбавалі хуліганы. Было відаць, што на даху нехта скакаў. Шкло разбітае, дзверы вырваныя, ліхтароў няма. Усярэдзіне — недакуркі і бутэлькі, разарваныя правады, парэзаная абшыўка. Не звярнулі нават увагі на абіўку — а яна ўнікальная для ГАЗаў, спецзамова, бо сядзенні звычайна пастаўляліся толькі ў адным колеры. Па чутках, Мулявін асабіста завозіў машыну на Горкаўскі аўтазавод, каб усталяваць сядзенні з чырвонымі ўстаўкамі. Як успаміналі ўдзельнікі калектыву, ён і на ёй трапіў у аварыю — урэзаўся ў дрэва каля сталічнага цырка, бо заснуў за рулём. Але пазней аднавіў і катаўся да пакупкі Mercedes.

 Размова са Святланай выдалася вельмі цяжкай, — кажа рэстаўратар. — Яна ўвесь час плакала. Але скрозь слёзы ўсё ж пагадзілася на рэстаўрацыю. Нават паабяцала перадаць дакументы.

Прызначылі дату і час. Аднак калі Мікалай прыехаў на лецішча з эвакуатарам, машын на ўчастку ўжо не было. Зніклі. А куды — невядома. Рэстаўратары патэлефанавалі Святлане, каб спытаць, як так атрымалася? У адказ — ніякай канкрэтыкі, толькі рыданне ў трубку і просьба больш не трывожыць.

«Пасля смерці Мулявіна частку маёмасці асабняка распрадаў яго сын, — пісала „Камсамолка“. — Мясцовыя жыхары кажуць, што „Волгу“ і „Шэўрале“ адсюль забраў менавіта ён. А потым яго пасадзілі ў турму за захаванне і распаўсюджванне наркотыкаў. У 2006 годзе ў зняволенні ён памёр».

Машыну проста распілавалі

У тым жа 2006 годзе Мікалай Дзямідаў знайшоў машыну «Песняроў», прычым ізноў выпадкова:

— Я паехаў да сяброў у Самахвалавічы. Там аўтамайстэрня здымала памяшканне ля мясцовай пратэстанцкай царквы. І гляджу, у іх на разборцы дагары коламі стаіць знаёмы Chevrolet. Пярэднюю падвеску ўжо разабралі, адкручвалі задні мост, спілавалі яшчэ нейкія элементы — адным словам, пусцілі на запчасткі.

Я спачатку не пазнаў той самы Chevy Van. А работнікі кажуць, маўляў, сваякі Мулявіна перадалі машыну царкве. А там палічылі яе нерамонтапрыдатнай або дарагой у аднаўленні (знайсці адзін толькі карбюратар было б сур’ёзным выпрабаваннем). У выніку аддалі на разборку. Прыгледзеўся — насамрэч той самы бус: знаёмы малюнак на кузаве, колер, нават драпіны. Усё супадае. Я яшчэ жахнуўся: «Што робяць? Гэта ж рарытэт, машына з гісторыяй!»

Вырашыў так: раз не атрымалася захаваць увесь аўтамабіль, трэба паспрабаваць зберагчы хоць нешта. Таго дня я моцна пашкадаваў, што быў на малагабарытнай машыне. У яе нічога нельга было пакласці. Угаварыў майстроў аддаць мне хаця б крылы ад Chevrolet. Іх збіраліся здаць на металалом. У маёй галаве адразу паўстаў вобраз: зраблю лаўку Мулявіна, у якой бакавыя апоры будуць выкананы з крылаў яго аўто. Але ў маю малалітражку памясцілася толькі адно. Дамовіўся, што неўзабаве прыеду па другое.

Але рэстаўратар не паспеў. Калі вярнуўся, ад аўтамабіля засталося толькі дно. І больш нічога.


Пасля смерці музыкі лецішча, якое прыхільнікі ВІА хацелі б бачыць музеем, 12 гадоў заставалася закінутым. У 2005-м адтуль вывезлі аўтамабілі. У 2016-м дом проста знеслі, каб пабудаваць на гэтым месцы элітны катэдж для новага ўладальніка ўчастка. У тым жа годзе памерла ўдава Уладзіміра — Святлана Мулявіна-Пенкіна.

Музей жа адкрылі ў будынку дзяржфілармоніі. Бульвар за ёй зараз носіць імя Уладзіміра Мулявіна. У 2017-м там паставілі помнік знакамітаму музыку.

Магчыма, калі-небудзь побач з ім знойдзе сваё месца і лаўка, зробленая з адзіным пакінутым ад гастрольнага Chevy крылом. Мікалай не губляе надзеі, беражліва захоўвае дэталь да гэтага часу.

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпiсвайцеся, каб не прапусцiць нашы новыя тэксты на роднай мове

Ёсць пра што расказаць? Пішыце ў наш телэграм-бот. Гэта ананімна і хутка

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by