Паўвекавая гісторыя расійскай кампаніі «АўтаВАЗ» хвалепадобная. Калі па савецкіх дарогах паехалі першыя «Жыгулі», гэта былі сучасныя мадэлі, пабудаваныя ў партнёрстве з італьянцамі. Першы самастойны праект ВАЗа — пазадарожнік «Ніва» — стаў паспяховым не толькі на радзіме, але і ў іншых краінах па ўсім свеце. Але бліжэй да 1990-х прадукцыя завода састарэла, і аж да пачатку 2010-х аўтамабілі з ладдзёй на рашотцы радыятара пакідалі жадаць лепшага. Нікчэмныя «дзясяткі» і «прыёры», хоць і разыходзіліся ў РФ вялікімі тыражамі, за межамі радзімы былі нікому не патрэбныя. Пасля выхаду Granta сітуацыя стала наладжвацца, і да канца другога дзесяцігоддзя XXI веку Lada расквітнела, ператварыўшыся ў сучаснага вытворцу бюджэтных машын. Ізноў дапамаглі еўрапейцы (на гэты раз французы). Але дзень 24 лютага раскалоў гісторыю расійскага аўтагіганта на да і пасля. Відаць, нас чакае чарговая сыходная хваля ў развіцці самай папулярнай маркі з РФ.
У Расіі аўтамабілі Lada заўсёды прадаваліся вельмі добра, нават калі лінейка брэнда складалася з Priora і Kalina. У Беларусі рэдкія фізічныя асобы станавіліся ўладальнікамі гэтых састарэлых мадэляў, таму што ў нашай краіне аўтааматары больш патрабавальныя да машын. Ёсць дзве відавочныя прычыны такой розніцы паміж нашым рынкам і расійскім. Па-першае, у нас пад бокам межы Заходняй Еўропы, і ўжо ў 1990-х беларусы пачалі прывыкаць няхай і да ўжываных, але сучасных еўрапейскіх, японскіх і амерыканскіх аўтамабіляў. Дваццаць гадоў таму, калі ўмоўны жыхар Пермі выбіраў паміж ВАЗ-2112 і ВАЗ-2110, жыхар Ліды вывучаў у польскіх газетах аб’явы аб продажы Volkswagen Golf і Opel Astra.
Па-другое, расіяне заўсёды з вялікім патрыятызмам ставіліся да машын мясцовай вытворчасці. Для нас жа з вамі фраза «Зроблена ў Расіі» пазбаўлена чагосьці сакральнага, яна не ператварае любы тавар у каштоўную маёмасць. Адсюль, дарэчы, рознае стаўленне да ўзроўню лакалізацыі машын, што вырабляюцца ў РФ. Цяжка ўявіць сабе беларуса, які пры набыцці аўтамабіля будзе шукаць мадэль з найбольшай колькасцю расійскіх кампанентаў. А вось для жыхара ўсходняй краіны-суседкі гэты паказчык сапраўды важны.
У апошнія гады марка Lada была вельмі папулярнай і ў Беларусі, і ў Расіі. Аднак долі продажаў розных мадэляў істотна адрозніваліся. Напрыклад, у 2021 годзе расіяне купілі 113 698 Lada Vesta і амаль столькі ж (111 430) Lada Granta. Гэта дзве самыя прадаваныя ў РФ машыны. У Беларусі сітуацыя іншая. Першае месца ў нас таксама займае Vesta (4803), але вось Granta адстае ад лідара ажно ў тры разы — 1660 купленых аўто (і то невядома, колькі з іх прыйшлося на арганізацыі). Нават нашмат даражэйшы Volkswagen Polo ў нашай краіне больш папулярны за Granta. Гэта звязана з тым, што замест новай Lada Granta большасць беларусаў аддадуць перавагу ўжыванай машыне (пакуль яшчэ ёсць з чаго выбіраць).
У 2021 годзе ўзровень лакалізацыі Lada Granta складаў 4621 бал (з 8800 магчымых). Для параўнання: у Vesta гэты паказчык — 3995 балаў, а ў Largus — і тое менш — 3420. У 2022 годзе балаў прыбавіцца ва ўсіх мадэляў: вытворца мусіць шукаць мясцовых пастаўшчыкоў камплектуючых, якія раней пастаўляліся з Еўропы. Самыя цяжкія імпартныя вузлы плануюць прывозіць з Кітая. Але калі блок ABS чымсьці і можна замяніць, то вось з архітэктурай куды складаней. Давайце зазірнём у стратэгію развіцця «АўтаВАЗа» і паглядзім, якіх мадэляў мы з вамі пазбавімся, калі Renault канчаткова пакіне расійскую кампанію, пусціўшы яе ў вольнае плаванне.
Лакаматыў продажаў Lada — сямейства Vesta — атрымала першае абнаўленне 22 лютага 2022 года. Прычым расіяне пазіцыянавалі навінку як новае пакаленне (NG), а не рэстайлінг (FL). Аўтамабіль атрымаў прыгожую LED-оптыку, лічбавую прыборную панэль і новую мультымедыйную сістэму. Планавалася, што продажы Vesta 2023 стартуюць ужо ўлетку: апошнімі гадамі Lada не затрымлівала навінкі, і паміж дэбютам і пачаткам продажаў звычайна праходзіла ад сілы пару месяцаў. Але вось ужо сярэдзіна чэрвеня, а ў продажы па-ранейшаму старая Vesta.
Дылеры нават не даюць прагнозаў, калі абноўленыя мадэлі з’явяцца ў шоурумах. «Хто ведае, можа, наогул не дачакаемся рэстайлінгу», — сказалі нам у аддзеле продажаў аднаго з аўтацэнтраў, калі мы рыхтавалі артыкул пра кошты на новыя аўто (дарэчы, зараз беларускія цэны на Lada пераведзены ў расійскія рублі).
Эксперты выдання Avtograd News ужо 29 сакавіка выказалі здагадку, што абноўленая Lada Vesta можа не з’явіцца ў продажы да канца 2022-га. Без шэрага імпартных электронных камплектуючых наладзіць вытворчасць такой сучаснай мадэлі, як Vesta 2023, няпроста. У пачатку лета з’явіліся фотаздымкі аўтавозаў з рэстайлінгавымі Lada Vesta, якія нібыта павезлі дылерам. Гэта была першая таварная партыя, сабраная на заводзе «Lada Іжэўск» у канцы красавіка. Што з гэтымі машынамі, незразумела. Магчыма, гэта тыя 56 аўто, якія ў якасці тэставых асобнікаў былі прызначаны для журналісцкіх аглядаў. Але мы пакуль яшчэ не бачылі ніводнага здымка Vesta 2023 на дарозе агульнага карыстання, а значыць, ніводны дылер продажу ці тэстаў не пачаў. Vesta FL — вельмі чаканая навінка, і пра яе ўжо зрабілі б тысячу аглядаў на YouTube, калі б выпала такая магчымасць. Адсюль вынікае, што «доступу да цела» пакуль няма.
Улічваючы, што рэстайлінг ужо гатовы, можна меркаваць: рана ці позна Vesta 2023 дабярэцца да канвеера — прынамсі ў якім-небудзь «антысанкцыйным» выглядзе без падушак бяспекі, ABS і з рухавіком «Еўра-0». Ці хопіць кітайскіх камплектуючых для зборкі вялікай мультымедыйнай сістэмы, якую анансавалі для навінкі, — вялікае пытанне. Незразумела, ці будзе ў машыне абяцаная падтрымка Apple CarPlay і Android Auto. Так ці інакш вытворчасць Vesta без дапамогі Renault магчымая: машына пабудавана на сваёй платформе і практычна не выкарыстоўвае французскіх вузлоў.
Вось пра што, відаць, давядзецца забыць, дык гэта пра Lada Vesta Sport, якая замест цяперашняга 1,8-літровага матора магутнасцю 145 к. с. павінна была атрымаць 1,3-літровы турбарухавік магутнасцю 150 к. с. Абяцалі, што ён будзе абсталяваны 6-МКП ці варыятарам. Гэта рухавік сумеснай распрацоўкі Daimler і Renault — наўрад ці яго дазволяць выкарыстоўваць для мадэляў Lada.
Па плане Renault абнаўленне Lada XRAY мае адбыцца ў 2023 годзе, калі да рэстайлінгавай Vesta ўжо ўсе прывыкнуць і дапрацаваны XRAY будуць успрымаць як чарговы глыток свежага паветра. Аднак праект пад вялікім пытаннем. Lada XRAY — гэта не самастойная мадэль «АўтаВАЗа», а пераліцаваны хэтчбэк Dacia Sandero Stepway старога пакалення. Машына пабудавана на платформе B0 — доступ да гэтай модульнай архітэктуры расіяне нібыта атрымалі ад Renault насуперак санкцыям. Французы ўжо не выкарыстоўваюць гэтую састарэлую базу, таму нават пасля сыходу з рынку Мытнага саюза яны могуць пакінуць права на выкарыстанне платформы кампаніяй «АўтаВАЗ». Гэта, дарэчы, дазволіць расіянам працягнуць выпуск Renault Duster.
У апошнія тры месяцы пра рэстайлінг Lada XRAY ніхто нават не згадвае: хапае іншых праблем. «АўтаВАЗ» не можа аднавіць вытворчасць больш запатрабаваных мадэляў, таму хэтчбэк адсунуты на другі план. Але рана ці позна вырашаць нешта з XRAY давядзецца. Тут выхадаў два: або зняць мадэль з рынку і забыцца пра яе, як пра ВАЗ-2120 («Лада Надзея»), або вырабляць у найпрасцейшым выглядзе. Тэарэтычна гэта таксама можна зрабіць за кошт расійскіх і кітайскіх пастаўшчыкоў, прынамсі пакуль французы пакідаюць «АўтаВАЗу» права карыстання платформай B0.
На леташняй прэзентацыі Renaulution прадстаўнікі Renault і «АўтаВАЗа» паведамілі, што новую Lada Niva пабудуюць на платформе CMF-B, а значыць, мадэль будзе ўніфікавана з сучаснымі еўрапейскімі Dacia. Як тады згадвалася, у аснове сістэмы поўнага прывода для новай «Нівы» будзе ляжаць шматдыскавая электронна-кіраваная муфта — яна аўтаматычна перакідвае вярчальны момант у розных прапорцыях паміж восямі. Абяцалі і прасунуты рэжым Lock, які дае кожнай пары колаў роўна палову вярчальнага моманту.
Сёння можна сказаць дакладна: доступ да платформы CMF-B расіяне не атрымаюць. Гэта сучасная архітэктура, якая выкарыстоўваецца ў еўрапейскіх мадэлях. Праект «Нівы» XXI стагоддзя мусяць або адкласці, або значна перарабіць. Ходзяць чуткі, што расіяне пачнуць выпуск Duster пад брэндам Lada, але ніякай канкрэтыкі на гэты конт афіцыйна не публікавалася.
Чакалася, што новая Niva будзе прапаноўвацца з 2-літровым бензінавым маторам ад папярэдняга Duster і нават з 1,3-літровым турбарухавіком. Як і Lada Vesta Sport, флагманскі варыянт Niva зараз ужо наўрад ці атрымае гэты 150-сільны рухавік, таксама як і варыятар. Можна забыць і на тэхналогіі тыпу маніторынгу сляпых зон, асістэнтаў і іншыя бонусы, якія павінны былі аздобіць новую лінейку Lada разам з платформай CMF-B.
У сваім звароце да кліентаў і супрацоўнікаў «АўтаВАЗа» год таму Нікаля Мор паведаміў пра выхад «абсалютна новага сямейства сегмента B». Гэтая кароткая фраза выклікала шмат пытанняў. Бо, па сутнасці, да сямейства B належаць усе мадэлі Lada: і Vesta, і XRAY, і Granta. І тут на дапамогу прыходзіць логіка. Найстарэйшым сямействам з тых, што цяпер выпускаюцца, з’яўляецца Granta. Нават рэстайлінг, які аб’яднаў Granta з Kalina, не ратуе сітуацыю і не робіць мадэль менш састарэлай. І хоць Granta па-ранейшаму выдатна прадаецца ў Расіі, рынак відавочна патрабуе новага пакалення. Ці дачакаемся мы яго? Не факт.
Да 2025 года Granta павінна была атрымаць платформу ад Logan (верагодна, ужо ад новага Logan, то-бок CMF-B) і стаць сэрцам новай лінейкі Lada. На гэты праект французы рабілі вялікую стаўку. Але зараз ужо зразумела, што ніхто не працягне працаваць над новым сямействам. Добра было б вярнуць падушкі бяспекі і ABS звычайнай Granta, не кажучы ўжо пра новае пакаленне на сучаснай платформе.
Яшчэ на пачатку 2022-га кампанія Lada была падобнай да Skoda канца 1990-х. Калі памятаеце, тады чэшская марка толькі-толькі пачынала праяўляць свой патэнцыял пад крылом буйнога канцэрна (VAG) і паступова стала канкурыраваць як з бюджэтнымі мадэлямі, так і з самім Volkswagen. Кампанія Renault хацела правярнуць падобны трук з Lada. За бліжэйшую дзесяцігодку з «АўтаВАЗа» планавалі зрабіць мясцовы аналаг Dacia з унікальным мадэльным радам, які б адпавядаў патрабаванням тутэйшай аўдыторыі. Але зараз расійскі вытворца застаўся сам-насам з рынкам.
Адзінае, што можа захаваць продажы будучых Lada на высокім узроўні, — гэта адсутнасць канкурэнцыі. Бо кепскія справы не толькі ў Renault і Lada — Kia, Volkswagen, Hyundai, Skoda і іншыя брэнды прыпынілі сваю працу ў Расіі. А гэта значыць, што народ будзе гатовы купляць тое, што ёсць у наяўнасці. Няхай нават без ABS і падушак бяспекі.
«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпiсвайцеся, каб не прапусцiць нашы новыя тэксты на роднай мове
Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by