«Не вінаваты ў ДТЗ, але пацярпелая патрабуе кампенсацыю». Як так сталася?

Источник: Андрэй Гамыляеў
4732
01 декабря 2022 в 15:17

Амаль год прайшоў з моманту гэтай аварыі на Партызанскім праспекце ў сталіцы. З таго часу адбылося нямала падзей, вынік якіх стаў поўнай нечаканасцю для Дзмітрыя. Ён, пацярпелы ў ДТЗ, можа быць павінен пасажырцы вінаватага кіроўцы каля 5 тысяч рублёў. Як так атрымалася?

«Не саступіў дарогу і здзейсніў ДТЗ»

Раніцай 17 снежня 2021 года ў зводках Мінскай ДАІ з’явілася інфармацыя аб аварыі на Партызанскім праспекце з удзелам Geely і Ford. «Пры ажыццяўленні павароту налева на вуліцу Бехцерава кіроўца Geely не саступіў дарогу Ford, які рухаўся ў прамым сустрэчным кірунку, у выніку чаго здзейсніў з ім сутыкненне, — такой была папярэдняя інфармацыя ад інспектараў. — Два пасажыры легкавікоў атрымалі траўмы. Абодва кіроўцы цвярозыя».

Аднак у зводцы не згадвалася, што Geely Emgrand7 насамрэч быў аўтамабілем службы таксі, а за рулём знаходзіўся малады чалавек па імені Дзілшод, грамадзянін іншай краіны. У таксі ў якасці пасажыра ехала мінчанка Юлія. У гэтай гісторыі яна з’яўляецца адначасова і пацярпелай (ёй спатрэбілася шпіталізацыя ў Бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі), і ісціцай. Другой машынай кіраваў мінчанін Дзмітрый.

Сам Дзілшод, як адзначана ў матэрыялах справы, віну прызнаў: «На скрыжаванні спыніўся другім у чарзе ў паласе для павароту налева. Першы аўтамабіль паехаў, я таксама працягнуў рух. Ужо на сустрэчнай сутыкнуўся з Ford».

Па сведчанні Дзмітрыя, ён бачыў, як у сустрэчным кірунку Geely стаяў, а ў наступны момант аўтамабіль аднавіў рух. Паводле слоў мінчаніна, для прадухілення сутыкнення ён ужыў тармажэнне, крыху зрушыў машыну налева, аднак пазбегнуць удару не ўдалося. Пасажырка Дзмітрыя сказала, што за дарожным становішчам не сачыла.

Юлія ехала на пасажырскім сядзенні Geely ззаду справа. Як сцвярджала, яна не назірала таксама за механізмам развіцця ДТЗ. Прызналася, што не была прышпілена рэменем бяспекі.

Хто вінаваты?

Праз нейкі час пасля сутыкнення была вынесена пастанова. У ёй сказана, што менавіта Дзілшод праявіў неабачлівасць і няўважлівасць да дарожнага становішча і яго змен, не саступіў дарогу і здзейсніў сутыкненне. Ён парушыў пункты Правілаў 7.2 (кіроўца абавязаны не ствараць перашкод і небяспекі для дарожнага руху) і 111 (пры павароце налева кіроўца абавязаны саступіць дарогу сустрэчным транспартным сродкам) — гэта знаходзіцца ў прамой прычыннай сувязі з ДТЗ.

Не абышлося і без парушэння з боку кіроўцы Ford: адсутнасць тэхагляду, рух без выдадзенага дазволу на допуск да ўдзелу ў руху. Апошні факт мы маглі б і зусім не згадваць, бо было прызнана, што ён не стаіць у прычыннай сувязі са здарэннем, калі б не адно «але». Неўзабаве Дзмітрыю, нягледзячы на спыненне праверкі ў дачыненні да яго, паступіла патрабаванне выплаціць кампенсацыю матэрыяльнай шкоды — «у салідарным памеры».

Праверка па справе зацягнулася на некалькі месяцаў — трэба было атрымаць вынікі судова-медыцынскай экспертызы і вызначыць ступень цяжкасці траўмаў. У сакавіку гэтага года стала афіцыйна вядома: у Юліі дыягнаставалі тупую спалучаную траўму, закрытыя пераломы касцей таза, удар унутранага органа. У сукупнасці гэтыя цялесныя пашкоджанні аднеслі да менш цяжкіх.
А гэта значыць, угледжваюцца прыкметы крымінальнай справы — частка 1 артыкула 317 Крымінальнага кодэкса РБ.

У СМІ часцей з’яўляюцца паведамленні аб пасяджэннях па другой і трэцяй частках артыкула — у выпадках цяжкіх траўмаў ці гібелі. Першая ж адносіцца да спраў прыватнага абвінавачання, гэта значыць, узбуджаецца па заяве пацярпелага, справа можа скончыцца прымірэннем бакоў. Таксама ў пацярпелага застаецца права падаць у суд па грамадзянскіх справах для кампенсацыі маральнай і матэрыяльнай шкоды. Уласна кажучы, менавіта гэтым правам і скарысталася Юлія.

Пакрыць маральную шкоду ўсімі датычнымі

У лістападзе гэтага года дзяўчына звярнулася ў суд з іскам. У якасці адказчыкаў у дакуменце пазначаны два чалавекі: як Дзілшод, так і Дзмітрый. Там жа ёсць спасылка на артыкул Грамадзянскага кодэкса, тэкст якога і прывёў да сітуацыі, калі мінчанін, чыёй віны ў аварыі няма, павінен адказваць за яго наступствы. Пункт 2 артыкула 948 Грамадзянскага кодэкса РБ абвяшчае: «Уладальнікі крыніц павышанай небяспекі салідарна нясуць адказнасць за шкоду, прычыненую ў выніку ўзаемадзеяння гэтых крыніц (сутыкнення транспартных сродкаў) трэцім асобам».

Пералічыўшы нанесеныя ёй траўмы, ісціца звярнула ўвагу, што ёй давялося перажыць аперацыі, доўгі час яна была прыкута да ложка, знаходзілася ў нерухомым стане, не магла абыходзіцца без старонняй дапамогі. Нават пасля выпіскі з бальніцы Юлія мусіла вытрымліваць пасцельны рэжым і ляжаць толькі на спіне. Спатрэбілася дапамога рэабілітолага. І пасля гэтага, піша дзяўчына, яна магла хадзіць толькі з мыліцамі, пры гэтым адчуваючы моцны боль. Болі не зніклі і праз год: «Нават кароткі пешы шпацыр выклікае дыскамфорт».

Юлія запэўнівае: «На фоне здарэння развіліся панічныя атакі, спатрэбілася дапамога псіхолага. ДТЗ змяніла мой лад жыцця, бо раней я была фізічна актыўным чалавекам, пастаянна займалася спортам. Зараз жа адчуваю бездапаможнасць і непаўнавартаснасць, стала кепска спаць, часова спыніла стасункі з сябрамі. З’явіўся страх за сваё жыццё».

Калі верыць іску, Дзілшод ні разу не пацікавіўся станам здароўя дзяўчыны, не прапанаваў ніякай падтрымкі, у якой яна мела патрэбу, наогул ніяк не дапамог. Пры такіх абставінах можна зразумець пацярпелую пасажырку — яна палічыла, што ёй прычынена маральная шкода ў памеры 5 тысяч рублёў. Як ужо было сказана, спагнаць суму могуць сумесна з абодвух кіроўцаў.

«Пры чым тут я?»

Прыкладна так можна ахарактарызаваць пазіцыю Дзмітрыя па гэтай справе. Здавалася б, яго прызналі не вінаватым у аварыі. У дакуменце з Мінскай ДАІ дакладна ўказана: «У Вашых дзеяннях угледжваецца парушэнне п. 10.3 Правілаў дарожнага руху, якое не стаіць у прамой прычыннай сувязі з дарожна-транспартным здарэннем і негатыўнымі наступствамі».

Тым не менш у Дзмітрыя ёсць падазрэнні, што ўсе выплаты ў выніку лягуць выключна на яго: «Падчас пасяджэнняў высветлілася некалькі важных абставін. Напрыклад, тое, што Дзілшод, будучы студэнтам, падзарабляў таксістам і ў дзень аварыі выконваў замову. Geely ён узяў у арэнду ў беларуса. Дамова арэнды, наколькі я зразумеў, аформлена такім чынам, што аўтамабіль на час працы пераходзіў у валоданне кіроўцы. Таму гаспадар не з’яўляецца адказчыкам па гэтай справе».

«Неўзабаве пасля ДТЗ гэты мужчына высветліў, што Дзілшод з’ехаў на радзіму, ва Узбекістан. Гэта значыць, яго след у Беларусі прастыў, — дапоўніў кіроўца Ford. — Як растлумачыў арэндадаўца, ён даведаўся пра гэта ад сяброў хлопца, іншых студэнтаў. Наколькі мне вядома, Юлія спрабавала знайсці яго з дапамогай міліцыі, але безвынікова. Такім чынам, з-за фразы „ў салідарным памеры“ ў законе ўсе выплаты могуць павесіць на мяне. Калі б вінаваты ў здарэнні быў даступны, я б накіраваў яму рэгрэс і запатрабаваў кампенсацыі. Але шукаць яго за мяжой наўрад ці будуць: як па просьбе Юліі, так і па маёй».

«У сухой рэшце выходзіць дзіўная сітуацыя, — рэзюмуе малады чалавек. — Пасажырка не прышпілілася, другі кіроўца парушыў, а плаціць давядзецца не вінаватаму ў аварыі — мне. І ўсё па законе».

Фінальнае рашэнне па гэтай справе павінны аб’явіць сёння.

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by