Закінутая траса ў Мінску, пра якую вы маглі не ведаць. Загадка помніка загінуламу гоншчыку

3181
16 сентября 2022 в 17:01
Источник: Андрэй Гамыляеў. Фото: Аляксандр Ружачка

Закінутая траса ў Мінску, пра якую вы маглі не ведаць. Загадка помніка загінуламу гоншчыку

Источник: Андрэй Гамыляеў. Фото: Аляксандр Ружачка

Участак Н-9031 злучае мікрараён Уручча і «Новую Баравую». Тысячы аўтамабілістаў праязджаюць тут кожны дзень. І далёка не ўсе з іх зважаюць на сціплы помнік, схаваны ад вачэй галінамі соснаў. Даволі дзіўная канструкцыя з бетону ў форме дзвюх палос нагадвае сляды ад шын, пакінутых на асфальце. Заканчваюцца яны пакатым пад’ёмам уверх — нібыта адсылкай да хрысціянскага ўяўлення аб адыходзе на нябёсы. Нельга сказаць, што помнік зусім недагледжаны: часам нехта чысціць бетонныя пліты, прыбірае пустазелле і дзікаросы. На пліце ёсць таблічка, дзе пазначана: «Падчас аўтагонак загінуў гоншчык Слава Старасценка». І дата — 1977 год. Даследаванне абставін той трагедыі прывяло да нечаканага адкрыцця. Аказваецца, пасярод сталічнага Уручча схавана закінутая гоначная траса.

Месца размяшчэння помніка можна знайсці на анлайн-картах. Праўда, мала хто з мінчан калі-небудзь чуў пра яго.

Нават мясцовыя жыхары з бліжэйшага ЖК «Уручскі-2» губляюцца пры згадцы пра мемарыял. І толькі вымушаныя рэгулярна гуляць па наваколлях сабачнікі разумеюць, пра што гаворка: «Так, стаіць вунь там побач з лясной сцяжынкай, за шлагбаумам перад станцыяй дыягностыкі». Але і аматары прагулак, якія сустрэліся нам з гадаванцамі, не ведаюць пра гэта месца нічога, акрамя самога факта яго існавання.

У пошуках магчымых відавочцаў падзей 45-гадовай даўніны я натрапіў на вулачку прыватнага сектара, які схаваўся сярод новабудоўляў. Яшчэ пару дзясяткаў гадоў таму тут не было размаляваных панэлек і модных ЖК у экалагічна чыстым раёне сталіцы. Затое была вёска Копішча. Сёння ад яе застаўся фактычна адзін праезд, ды і той ужо амаль цалкам забудаваны сучаснымі дарагімі катэджамі. Стукацца туды бессэнсоўна. Тым не менш пару драўляных хатак, якія засталіся ад першапачатковага Копішча, знайсці можна. Магчыма, нехта з мясцовых памятае тыя часы.

У двары аднаго з дамоў насцярожаным брэхам мяне сустракае сабака Шлёпа. Неўзабаве на ганку з’яўляецца гаспадыня:

— Гоншчык? Так, памятаю той дзень. Я была маладая, але ўжо замужам. Жыла ў гэтай самай хаце. Па вёсцы пайшлі размовы, што адна машына заехала на дрэва, ледзь не павісла. І хлопец загінуў — проста на вачах бацькоў. Яны нібыта на старце стаялі. А гоншчык той — зусім малады — разбіўся адразу пасля стартавай лініі. У іншы год, як згадваю, гарэў нейкі спартсмен, яго тушылі. Яшчэ адзін выпадак быў, калі пацярпеў нехта ці то з гледачоў, ці то з ачаплення. Шмат чаго было тут на трасе.

— Прабачце, на трасе?

— Так. Тут жа праходзіла гоначная траса. Яна спускалася там — з пагорка паміж будоўляй і новым ЖК. А за нашым домам, на ўзгорку перад панэлькай з зялёнымі прамавугольнікамі, стаяла трыбуна.

Народу ў дні гонак збіралася процьма! Маторы раўлі на ўсю вёску. Тады не было як адпачыць, канешне. Самі спаборніцтвы мяне не надта цікавілі, але запомнілася, як прыязджалі аўтакрамы. Раскладвалі ўсялякую смакату на століках. Чамусьці засталіся ў памяці булачкі і ліманад. У тыя гады бліжэйшая крама знаходзілася за два кіламетры ад нашага дома, даводзілася хадзіць пешшу. А дні гонак былі ўсё адно што святочнымі. Прыязджала куча людзей, былі таксама замежнікі.

На карце сапраўды можна разгледзець абрысы трасы, пра якую гаворыць жанчына. Некалькі крутых паваротаў, прамыя хуткасныя ўчасткі, ды і помнік размяшчаецца непадалёк ад дыягнастычнай станцыі, дзе ў тэорыі мог быць старт.

Атрымліваецца, адзін бок трасы цяпер ператварыўся ў дарогу Н-9031, якая злучае паўночную частку Уручча і раён Копішча, Валяр’янава і Баравой. Калі звярнуць увагу на абочыну, можна заўважыць пакрышкі, укапаныя па абодва бакі асфальта. Верагодна, некалі яны служылі бар’ерамі для бяспекі гледачоў і пілотаў.

А вось з другім бокам трасы складаней. Калі глядзець ад вуліцы Лапаціна (Копішча), то бачны толькі той самы пагорак з дрэвамі. Нічога не выдае дарогу, якая тут існавала. А калі пайсці ад вуліцы Уручскай?

Тут вісіць знак «Рух забаронены», усталяваны шлагбаум. Таблічка сведчыць, што за ім тэрыторыя ДТСААФа, аўтадром для вучэбнай язды. Перыядычна сюды пад’язджаюць машыны з трохвугольнікам «У» на даху. Інструктары возяць з сабой ключы ад замка шлагбаума, зачыняюць яго пры кожным праездзе — абы на тэрыторыю не трапіў старонні аўтамабіль. Кіруюся туды.

Асфальт тут у вельмі сумным стане, па ім складана меркаваць аб спартыўным мінулым гэтай дарогі. Дзесьці збоку віднеюцца слупкі для дыяганалкі, крыху далей — эстакада, сабраная з бетонных пліт. У кагосьці працягваецца практычны занятак. А паўстагоддзя таму на гэтым самым месцы трэніраваліся гоншчыкі.

Вось і доказы — тыя самыя шыны для дэмпфіравання па абодва бакі дарогі. Разметка для развароту «ў вузкім двары», эстакада і нават газавыя трубы — усё гэта ўзнікла тут нашмат пазней, чым былі ўкапаны гэтыя пакрышкі. Прырода ж пакрысе адваёўвае сваё, хаваючы гуму пад дзірваном, адольваючы асфальт каранямі.

У нейкі момант цвёрдае пакрыццё змяняецца сцяжынкай, пракладзенай скрозь хмызняк і высокую — па плечы — крапіву. Тут прырода відавочна перамагла. Сцяжка вывела на той самы пагорак, які ўзвышаецца «паміж будоўляй і новым ЖК», як сказала жыхарка Копішча. Сёння цяжка ўявіць, што калісьці тут ішоў спадзісты спуск, па якім ездзілі гоначныя машыны.

Відавочна, тут быў адвал пяску падчас будаўніцтва новых дамоў. Адгэтуль і тоўсты пласт глебы, які паспеў зарасці травой за доўгія гады. Прыйшлося крыху пакалупацца, перш чым атрымалася знайсці ўжо знаёмыя шыны з надпісам made in USSR.

Ужо пазней, падчас пошукаў дадатковай інфармацыі пра трасу, я натрапіў на відэа, у якім узноўлена праходжанне гоншчыкам круга па ёй. Дзмітрый Гаўрыленка, аўтар карты-візуалізацыі ў сімулятары Grand Prix Legends, называе яе Мінскім малым кальцом, ці проста «Баравой».

Угледзьцеся ў гэты ролік — магчыма, пазнаеце месцы, па якіх праязджалі шмат разоў. Падказка: там, дзе на відэа стаіць першы натоўп гледачоў злева, зараз размешчаны матэль і ўезд на ДС №9, а месца развароту на 180 градусаў — цяперашняе скрыжаванне вул. Лапаціна і Н-9031. Ну а за гэтым разваротам — тая самая частка трасы, якая сёння аддана забыццю.


Не так даўно Onlíner пісаў пра Юрыя Нямухіна — самага хуткага дзядулю краіны. У свой час ён стаў 5-разовым чэмпіёнам краіны ў «Формуле-4», уваходзіў у зборную БССР па аўтаспорце. Цяпер яму 77, і ён зноў вырашыў уварвацца ў вялікія гонкі. Мабыць, найлепшага эксперта ў пытанні забытай трасы не знайсці. І сапраўды, як толькі гаворка зайшла пра гонкі ва Уруччы, Юрый Яўгенавіч тут жа зразумеў, дзе менавіта мы жадаем з ім сустрэцца. Праз пару гадзін мужчына прыбыў. А з ім — папка фотаздымкаў, зробленых на гэтым самым месцы.

— Малое мінскае кальцо адкрылі ў 1962-м. Потым павялічылі да 4030 метраў для правядзення міжнародных спаборніцтваў, — успамінае суразмоўца. — Я ўпершыню выехаў на яго ў канцы 60-х. Тут праходзілі і этапы Кубка сацкраін, і этапы чэмпіянатаў СССР, і спаборніцтвы «Залатая восень». Спачатку каталіся хто на чым здольны. Вось здымак — ва ўсіх розныя машыны.

Паглядзець на гонкі прыязджалі тысячы людзей. У самім Мінску расклейвалі афішы, раздавалі праграмкі на прадпрыемствах, а далей — сарафаннае радыё. Спецыяльна арганізоўвалі аўтобусы з горада. Хто стаяў на старце, хто на паваротах, хто размяшчаўся прама ў лесе на пакрывале, з ежай і напоямі — кшталту пікніка. Як памятаю, гучнай музыкі не было, затое прыязджалі буфеты. У цэлым настрой стаяў святочны. Сярод публікі — чэхі, немцы, палякі, літоўцы, латышы, эстонцы... Апошнія, дарэчы, былі вельмі моцнымі пілотамі. У Эстоніі, напрыклад, збіралі гоначныя машыны. На іх потым пераселі шмат хто, у тым ліку і я, пад нумарам 28.

Таксама ганяліся і «Масквічы», і «Жыгулі», і «Волгі». Ніякіх спонсараў і цюнінг-атэлье не існавала, заводы-вытворцы таксама не ўдзельнічалі ў давядзенні машын да стану гоначных. Усё збіралі сваімі рукамі, за свой кошт, дзейнічалі пры клубах ДТСААФ, таксапарках. Гоначнымі «Волгамі» кіравалі ў асноўным таксісты. Паркі і камплектавалі машыны. Самі шукалі тэхнікаў, матарыстаў. Спецыялісты перараблялі каналы, клапаны, поршні, рэгулявалі запальванне. Асобнай праблемай было дастаць прыдатную гуму: часам выкарыстоўвалі шыны ад самаходных калясак, часам везлі з Польшчы і іншых краін Балтыі. Дасягалі найлепшых вынікаў метадам выпрабаванняў і спроб. Асабіста я выціскаў пад 170 км/г.

— А вось на гэтым здымку — Слава. Стаіць злева ад маёй «28-й», у цёмным касцюме, трымае рукі ў задніх кішэнях, — кажа Юрый Яўгенавіч і робіць паўзу.

Становіцца зразумела: гаворка зайшла пра Вячаслава Старасценку — таго самага гоншчыка, помнік якому стаіць ля трасы.

— Слава займаўся аўтамадэляваннем, хадзіў за мной: «Ты добры пілот, я буду тваім добрым штурманам на ралі», — працягвае мужчына. — Ён усё хацеў паганяць на сапраўднай гоначнай машыне. І вось на адной з трэніровак у яго атрымалася сесці за руль формульнага аўтамабіля. Гэта быў ягоны першы сур’ёзны заезд.

Ён зрабіў адзін круг, потым сказаў тэхнікам, маўляў, слабаваты рухавік — падкруціце, калі можна. Хлопцы яго паслухалі. А ў той дзень зранку прайшоў дождж, на асфальце засталіся вялікія лужыны. Як мы потым зразумелі, яго машына на наступным крузе ўляцела ў ваду двума коламі з аднаго боку. Аўто кінула ўправа, яно пераляцела праз укапаныя шыны і стукнулася ў буйную чатырохметровую сасну. Удар быў такой сілы, што верхавіна дрэва зляцела як зрэзаная нажом. Машына не перавярнулася, яна адскочыла і засталася на колах. Гонку спынілі, падагналі дзяжурную хуткую, тэрмінова з’ехалі. Мы ўсе тут чакалі, нерваваліся. Але медыкі вярнуліся з трагічнымі весткамі: да бальніцы хлопца не давезлі. Было яму гадоў 25.

Юрый Яўгенавіч успамінае, што спачатку на гэтым месцы стаяў крыж, пасля з’явіўся і помнік. Якіх-небудзь дзейсных мер для паляпшэння бяспекі трасы прынята не было. Праз год на Малым мінскім кальцы загінуў эстонец Ційт Скобелеў, яшчэ праз год — літовец Рымантас Кесмінас. У канцы 1979 года з-за пытанняў бяспекі трасу закрылі, спаборніцтвы перанеслі на кіеўскую «Чайку». Тым не менш была спроба адрадзіць «Баравую» — яе рэканструявалі, удасканалілі меры бяспекі. Нават правялі «Залатую восень — 84», але ў пачатку 90-х траса страціла свой статус. У XXI стагоддзі пад напорам агламерацыі яна заняпала канчаткова.

Сам жа Юрый Нямухін не здаецца і працягвае ездзіць на гонкі. «Вы толькі напішыце, што я маю намер аднавіць манумент Славе, — кажа мужчына на развітанне. — Гэта павінен быць помнік яму і ўсім тым часам».

«Onlíner па-беларуску» ў Telegram. Падпісвайцеся, каб не прапусціць нашы новыя тэксты на роднай мове

Перадрук тэксту і фотаздымкаў Onlíner без дазволу рэдакцыі забаронены. ng@onliner.by