«Аўто маё — 2». Аб найлепшай машыне для беларуса — на роднай мове. Агляд «ільвяняці» Peugeot 406

Источник: drago-www, forum.onliner.by. Фото: drago-www, forum.onliner.by
23 684
26 мая 2018 в 15:00
Ослепительные скидки в Каталоге Onlíner

Чацвёртым канкурсантам нашай рубрыкі ў маі стаў Яўген, ён жа фарумчанiн drago-www. Апошнія некалькі гадоў мужчына ездзіць на Peugeot 406 і сцвярджае, што гэта ўвасабленне беларускага народнага аўтамабіля. А на такую тэму варта разважаць менавіта на роднай мове. «Не мела баба клопату» — з гэтай знакамітай прымаўкі пачынаецца агляд. Наколькі яна адносiцца да 406-й — пытанне. Ну а ці стане аўтар уладальнікам прыза — а гэта гаспадарчы пыласос Karcher ад сеткі крам тэхнікі для дому, саду і рамонту «Удачник», — даведаемся ў канцы месяца.


Не мела баба клопату... Жартую. Ну, можа, крыху. Я быў добра праінфармаваны і «падкаваны» ў пытанні «найлепшае аўто для беларуса». У 2014-м было так: лепш «немец» з арміі VAG'у ці яшчэ лепш BMW, але не Ford, не Fiat, не «хранцуз». Зыходзячы з усяго вышэй сказанага, я і пачаў свае пошукі. Прывялi яны мяне, як нi дзiўна, да Peugeot 406. У той час «бэушкі» каштавалі як касмічны карабель. Пра новыя з салона і размовы не было. Гэта потым кожны зматаўся ў Маскву ды купіў сабе 3—5-гадовую машыну. Гультаям спецыялісты за пэўную суму «зялёных» прыганялі амаль да пад’езда нават на лафеце. Гэта потым, а на той час... Але аб усім па парадку.

Набыццё аўтамабіля для простага беларуса (то бок ёсць і няпростыя, якім прасцей) заўжды было справай вельмі важнай. Сямейныя саветы, кансультацыі ў знаёмых. Мэты, якія мы ставім і пераследуем пры гэтым, — самыя розныя. Нехта хоча падкрэсліць свой статус у грамадстве; нехта шукае аўто паболей, бо вырасла сям’я; камусьці да смерці абрыдла старая машына і хочацца чаго-небудзь новенькага; нехта толькі атрымаў пасведчанне. Ну а нехта «перакуп».

Што мяне заўжды здзіўляла, дык гэта неразуменне і катэгарычнае адмаўленне беларусамі таго факта, што аўтамабіль не тая рэч, у якую патрэбна ўкладваць грошы. Ну і ўпартасць, з якой пасля некалькіх год валодання спрабуюць прадаць машыну па тым кошце, па якім купілі. А то і болей. «Я ж многа чаго новага паставіў ды памяняў!» Дакажы такому таварышу, што гэта непазбежна. Асабліва калі аўто моцна б/у. Ну і сустракаліся дзівакі, якія металалом прадавалі за вялікія грошы са словамі «Гэта ж „немец“!» ці «Не біта, не крашана! Бабуля ў касцёл...». І гэта замест таго, каб проста наведаць Гатава.

Маім першым аўтамабілем быў прадстаўнік савецкай класікі — ВАЗ-21063. Купляў за $400, каб навучыцца ездзіць пасля аўташколы, ну і каб у выніку чаго моцна аб ім не шкадаваць. Нават пакатацца па Беларусі атрымалася. Калі быць сумленным, то машынка часцей любіла мяне, чым я яе. Але і да гэтага часу бацькі летам на ёй у грыбы ездзяць. Пасля быў вопыт карыстання Volkswagen Golf II, Ford Fiesta, Volkswagen Golf III. Нейкі час я быў звычайным шчаслівым пешаходам: метро ды маршрутак было дастаткова, каб дабрацца да працы ці праведаць родных.

Але ў канцы 2014 года жаданне мець аўто пачало шырыцца і перамагаць цвярозы розум. У справу ўмяшалася сітуацыя на расійскім аўтарынку. Толькі гультай не марыў прыгнаць машыну з суседняй краіны. На жаль, а мо на шчасце, ехаць у Маскву ў мяне не было ні жадання, ні часу. Я вырашыў шукаць аўтамабіль у сталіцы нашай Радзімы. Мяне чакала гара артыкулаў і аглядаў у сеціве, наведванне аўтахаўсаў і аўтарынку. Пакуль ездзіў, аглядаў і прыглядаўся, змяніліся і сталі больш канкрэтнымі мае патрабаванні да будучага аўто.

Што я шукаў? Год выпуску — не старэйшы за 1998-ы, кошт — да $5000, бензін, седан, пажадана родам з Германіі. Спачатку глядзеў на Opel Astra G. Пасядзеўшы ў салоне, адкінуў гэтую ідэю. Вельмі ж усё па-спартанску. Наступная мара — Audi A3 (8L). Сутыкнуўся з адсутнасцю прапановы на рынку. Адкінуў і гэтую ідэю. Зацікавіла Audi A4 (B5). Начытаўся жахаў пра падвеску. Але не адступіў! Пошукі прывялі ў раён станцыі метро «Магілёўская». І вось я іду глядзець «Аўдзюшачку». Абышоў, агледзеў, аблазіў, абнюхаў. Нядрэнны экзэмпляр. Толькі салон вельмі мурзаты і абшарпаны. Ну і што? Можна аддаць у хімчыстку, і будзе мне шчасце. Трэба падумаць. І вось тут чорт мяне пацягнуў прайсці па стаянцы. Праз трыццаць крокаў у самым куце я ўбачыў яго... Нямытае, бруднае ды адзінокае «ільвянё». Гэта было каханне з першага погляду. Праз гадзіну мы ляцелі дадому. Знаёмцеся! Гэта Peugeot 406, 2,0 HDi, 1999 г. в.

Поўная ломка стэрэатыпаў. А як жа нямецкі бензінавы седан? А як жа «не „француз“»? А як жа «Аўдзюшачка»? Яна засталася стаяць там, дзе я яе знайшоў. За амаль што два гады мы з «Пыжыкам» праехалі прыкладна 59 000 км. Гэтая машынка бачыла Мінск і Санкт-Пецярбург, Гомель і Львоў, Брэст і Вільню, Гродна і Пскоў. Мы даехалі да Карпацкіх гор і Балтыйскага мора. З будучай на той момант жонкай аб’ездзілі асноўныя гарады і знакамітыя месцы Беларусі.


Што сказаць пра «ільвянё», якое праз два гады сустрэне сваё «паўналецце»? Зразумела, былі два тэхагляды, якія машынка лёгка праходзіла сама. Былі і звычайныя замены масла, фільтраў, тармазных калодак. Але гара запчастак, якія з цягам часу прыйшлося памяняць, расла прапарцыянальна кіламетрам, якія мы праехалі. Былі і больш непрыемныя сітуацыі. Напрыклад, замена радыятара, які пачаў падцякаць. Або калі выправіліся ў Піцер, пацёк задні тармазны цыліндр. Здарылася гэта ў раёне Лагойска. Прыйшлося ехаць на мясцовую СТА, чакаць запчасткі з Мінска. Але хлопцы даволі аператыўна ўсё памянялі. І ў дзве гадзіны ночы мы ехалі па Неўскім праспекце.


Яшчэ колькі падрабязнасцей.

Кузаў. Антыкаразійныя якасці на вышыні. Але пры мінулых гаспадарах заламалі ззаду парог. І своечасова не выправілі. З улiкам нашых зім і рэагентаў гэта вылілася ў скразную карозію. Усё, шукай у тэлефоннай кніжцы запісы тыпу «Вася Цуда-Зваршчык». На правым пярэднім крыле ёсць невялікі скол фарбы. Трэба паправіць.

Падвеска. У 406-х трэба час ад часу пераглядаць усе вузлы падвескі. Абавязкова. Чым больш ездзіш, тым часцей маніторыш падвеску. Стойкі стабілізатара — расходны матэрыял. Як кажуць, любіш катацца, любі і саначкі... З ліку сур’ёзных праблем магу назваць замену зламанай у Маладзечне пярэдняй спружыны — няўдала ўскочыў на люк ліўнёўкі. Даходзіла да смешнага. Задняя падвеска незалежнага тыпу, з’явіўся стук... Правялі дыягностыку. Усё ў норме. Едзеш — стукае. Зноў дыягностыка. Усё гуд. Едзеш — грукаціць на ямах. Аказалася, у ніжні рычаг трапіў камень. Ды так ідэальна лёг, што яго і бачна не было.

Рухавік. Двухлітровы васьміклапанны дызель праблем не стварае, надзейны матор. Асаблiва калі памятаць аб тым, што паліўны фільтр не вечны. Адна бяда — вялікі КПДз. Зімой машынка даволі доўга награецца. Так, па дынаміцы да «бензінкі» далекавата... Але для такіх падарожнікаў, як мы, — ідэальны варыянт. А ездзім звычайна на далёкія дыстанцыі. Расход за горадам — 5,5—6 літраў. Бак на 70 літраў, запас ходу 1100 км. Проста казка.

Салон. Аўтамабіль Peugeot 406 знаёмы амаль кожнаму беларусу. Гэта, напэўна, другая па папулярнасці марка пасля «вусатых пасацікаў». За гады салон крыху пацёрся, але гэтай зімой мы яго перацягнем. Ну і камфорт — у французскіх машын гэтага не адняць.

Электроніка. Часта чуў пра цуды французскай электронікі. Адзінае, з чым сутыкнуўся, — пры сырым надвор’і пачынала само апускацца шкло з боку кіроўцы. Разабраў блок кіравання шклопад’ёмнікамі, пачысціў кантакты — і поўны парадак.

Калі казаць пра канструктарскія пралікі, то абавязкова трэба ўзгадаць нізкапасаджаны перад аўтамабіля. Паркаваць 406-ю лепш заднім ходам. Па першым часе пярэдні бампер раз-пораз «цалаваў» суровыя беларускія бардзюры. У верасні прыйшлося перад здымаць, паяць і фарбаваць. Цяпер паркуюся вельмі асцярожна. Таксама не зусім па-чалавечы пастаўлены дворнікі. Пасярэдзіне шкла пастаянна застаецца мурзаты вугалок.

Ехаць да спецыялістаў, каб замяніць тармазныя калодкі ці лямпачку, на мой погляд, не трэба. Нават рэмень ГРМ можна замяніць сваімі сіламі, хоць у гэтым выпадку вам гарантаваны танцы з бубнам і добрая размінка ўсяго арганізма. Увогуле машынка рамантуецца звычайна самастойна. Выключэнне — камп'ютарная дыягностыка.

Нехта скажа, што лепш бы пачакаў, пакуль абваліцца беларускі аўтарынак, ды ўзяў бы больш свежае аўто... Не. Аб набыцці «ільвяняці» не шкадую ні кропелькі! Машынка адпрацоўвае па поўнай праграме. А колькі незабыўных эмоцый нам падаравалі аўтападарожжы! Колькі новых цікавых мест мы пабачылі! Ні ў якіх грашовых адзінках гэта не падлічыш. Мяняць аўтамабіль у бліжэйшы час не плануем. Ці то ад вялікай любові да 406-й, ці то ад эканамічнай сітуацыі ў краіне.


Мы ждем ваших обзоров. Автор лучшей статьи в этом месяце получит хозяйственный пылесос Karcher — приз от сети магазинов техники для дома, сада и ремонта «Удачник». С правилами конкурса, а также со списком автомобилей и мотоциклов, обзоры которых были опубликованы ранее или готовятся к публикации, можно ознакомиться здесь.

Краткая инструкция для участия

  1. Написать оригинальный текст либо снять видео продолжительностью не менее 2 минут о вашем автомобиле или мотоцикле.
  2. Выслать сам текст или ролик (либо ссылку на запись) с указанием контактного телефона владельца на почту ga@onliner.by. В теме письма указать «Авто моё — 2», а также марку транспортного средства.
  3. Выслать фотографии либо быть готовым к съемке транспортного средства фотокорреспондентом Onliner.by.

С полными правилами конкурса можно ознакомиться здесь.

Автосигнализации в каталоге Onliner.by

Читайте также:

Auto.Onliner теперь в Telegram! Присоединяйтесь!

Быстрая связь с редакцией: читайте паблик-чат Onliner и пишите нам в Viber!

Перепечатка текста и фотографий Onliner.by запрещена без разрешения редакции. nak@onliner.by